40 год з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС
25.04.2026 г.
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшы радыяцыйны інцыдэнт, які пацягнуў за сабой буйнамаштабныя эканамічныя і сацыяльна-псіхалагічныя наступствы. Яна паўплывала на лёсы мільёнаў людзей, запатрабавала максімальнай мабілізацыі сіл і сродкаў для пераадолення яе наступстваў. На тэрыторыю Рэспублікі Беларусь прыпала 35 % чарнобыльскіх выпадзенняў цэзію-137 – асноўнага радыенукліду, які вызначае цяпер радыяцыйнае становішча. Было забруджана 23% тэрыторыі, у т.л. больш за 1,8 млн. га сельскагаспадарчых зямель (каля 20% іх агульнай плошчы), больш за 2 млн. га лясоў (каля 23%). Кароткажывучымі радыеактыўнымі ізатопамі ёду (у асноўным ёдам-131) была забруджана практычна ўся тэрыторыя.
У выніку катастрофы пацярпелі 56 раёнаў рэспублікі, больш за 3 600 населеных пунктаў з насельніцтвам каля 2,5 млн. чалавек, у тым ліку 1,5 млн. дзяцей.
У 1986 годзе эвакуіраваны 24,7 тыс. жыхароў са 107 населеных пунктаў Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласці. Вакол ЧАЭС утворана 30-кіламетровая зона адчужэння.
Спынілі існаванне 479 населеных пунктаў (у Гомельскай вобласці — 306, у Магілёўскай — 173). У зонах адсялення пакінутымі аказаліся больш як 26 тыс. прыватных падворкаў і грамадскіх капітальных будынкаў.
Да найбольш пацярпелых (на падставе ўдзельнай вагі забруджаных тэрыторый, калектыўнай дозы апраменьвання, страт сельскагаспадарчых зямель у выніку іх забруджвання) аднесены 21 раён краіны. У зоне забруджвання аказалася каля 340 прамысловых прадпрыемстваў. Шэраг з іх спынілі сваю дзейнасць або панеслі вялікія страты.
Сумарны ўрон (уключаючы страты, звязаныя з пагаршэннем здароўя насельніцтва, страты, нанесеныя прамысловасці і сацыяльнай сферы, сельскай гаспадарцы, будаўнічаму комплексу і іншым галінам народнай гаспадаркі, затраты на ажыццяўленне мер па ліквідацыі і мінімізацыі наступстваў катастрофы і забеспячэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці3), млрд. долараў ЗША, што складае 32 бюджэты рэспублікі 1985 года. Характар і велічыня ўрону сталі магутнымі дэстабілізуючымі фактарамі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі.

26 красавіка — памятная дата ў Беларусі — Дзень чарнобыльскай трагедыі. У гэты дзень па ўсёй краіне праводзяцца мітынгі-рэквіемы. Усе ўспамінаюць герояў-чарнобыльцаў, тых, хто, не шкадуючы жыцця і здароўя, спыніў радыяцыйную стыхію і прадухіліў вялікую бяду. У лексіконе жыхароў Беларусі з'явілася новае слова — «перасяленцы». Яны пазбавіліся самага галоўнага — дома, звыклага асяроддзя. У Беларусі памятаюць герояў, якія бралі непасрэдны ўдзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай АЭС. У іх гонар у Менску названыя вуліцы, напрыклад вуліца Васілія Вадалажскага, які нягледзячы на тое, што быў кіраўніком зводнай аператыўнай групы верталётчыкаў асабіста здзейсніў 120 вылетаў, скінуўшы ў рэактар каля 300 тон блакавальных матэрыялаў. Памяць аб чарнобыльскай катастрофе знаходзіць адлюстраванне ў творчасці, творах культуры і мастацтва.

Мінула ўжо 40 гадоў з моманту чарнобыльскай катастрофы. Мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне памяці, «чарнобыльскай» культурнай спадчыны – неабходны як даніна павагі мужнасці і подзвігу, як перасцярога для будучых пакаленняў. Памяць аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС неабходна назаўжды захаваць для людзей як бясцэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням. Важна, каб пра чарнобыльскую трагедыю памяталі не толькі грамадзяне дзяржаў, якія прынялі на сябе асноўны ўдар катастрофы, але і ўсю сусветную супольнасць.



